У Беларусі з 2023 года прыкметна паднялі стаўкі консульскага збору. Гэта прадугледжана зменамі ў Падатковы кодэкс. Гаворка пра паслугі, якія беларусы могуць атрымаць за мяжой у дыппрадстаўніцтвах нашай краіны.

Стаўку за разгляд заявы аб выхадзе з грамадзянства Беларусі паднялі да 400 еўра (было — 250 еўра).
За выдачу або абмен пашпарта беларусу, які пастаянна пражывае за мяжой, цяпер трэба заплаціць 50 еўра, калі звяртацца ў нашыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой. Раней гэтая стаўка складала 40 еўра. Калі гаворка пра абмен пашпарта грамадзяніну, які пражывае ў Беларусі, праз дыппрадстаўніцтва, то стаўку пакінулі на ранейшым узроўні — 100 еўра. Гаворка відавочна пра тых, хто жыве за мяжой без ПМЖ, а, да прыкладу, па нацыянальнай візе.
Плату за рэгістрацыю заключэння шлюбу, у тым ліку за выдачу пасведчання, паднялі да 100 еўра, а за скасаванне — 200 еўра. Было — па 50 еўра.
Таксама павысілі збор за рэгістрацыю змены прозвішча, уласнага імені і імені па бацьку, уключаючы выдачу пасведчання — да 200 еўра. Было — 70 еўра.
За прастаўленне апастылю на афіцыйным дакуменце ў дыпламатычных прадстаўніцтвах і консульствах зараз будуць браць 50 еўра. Было — 35.
Паглядзець актуальныя стаўкі консульскага збору можна па спасылцы (старонкі 98−101).