Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У ноч на 12 кастрычніка 2003 года ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці здарыўся пажар, у якім загінуў 31 чалавек. Тое, што тады здарылася, часам называюць «другой Нямігай», адсылаючы да гібелі 53 чалавек у 1999 годзе ў падземным пераходзе ў цэнтры Мінска. Успамінаем падрабязнасці страшнай трагедыі на Гродзеншчыне, да якой прывёў збег трагічных выпадковасцяў, а таксама канкрэтныя дзеянні супрацоўнікаў установы і ўладаў.

Адсутнасць грошай і нядзейная пажарная сігналізацыя

Псіханеўралагічны інтэрнат — гэта ўстанова, дзе ўтрымліваюцца людзі, што пакутуюць на хранічныя псіхічныя разлады і маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе. Установа, пра якую пойдзе гаворка, была створаная ў 1964 годзе. Афіцыйная назва — Казлоўшчынскі інтэрнат (паводле назвы буйнога пасёлка непадалёк), хоць знаходзіцца ён у невялікай вёсцы Рандзілаўшчына.

«Рэгулярная транспартная камунікацыя яе жыхароў з раённым цэнтрам пачынаецца толькі за шэсць кіламетраў адсюль, у вёсцы Казлоўшчына, дзе размешчаны сельсавет, ёсць хуткая і пажарная, крама і аптэка, — расказвала журналістка, якая пабывала там ужо пасля трагедыі. — Да цывілізацыі мясцовыя дабіраюцца пешшу, на ровары або транспартам інтэрната. Практычна ўсё насельніцтва Рандзілаўшчыны — персанал інтэрната, былы або цяперашні. Ужо пакаленні тры жыхары вёскі прапрацавалі тут, хто кухарам, хто вартаўніком, хто санітаркай. Калі камусьці кепска і трэба выклікаць хуткую, бягуць зноў жа ў інтэрнат: У корпусе медчасткі працуе адзіны на ўсю вёску тэлефон. Да дырэктара інтэрната мясцовыя ідуць па дапамогу, калі трэба помнік на магіле паставіць, бульбу пасадзіць ці прыбраць».

Козловщинский психоневрологический дом-интернат для престарелых и инвалидов. Фото: trudgrodno.gov.by
Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Рандзілаўшчына. Фота: trudgrodno.gov.by

Спецыяльны корпус для пацыентаў у гэтай вёсцы ў 1960-я не ўзводзілі. Пад установу прыстасавалі стары драўляны аднапавярховы будынак з пячным ацяпленнем — былы панскі дом, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Побач узвялі будынак медчасткі (дзе і быў адзіны тэлефон). У канцы 1980-х стала зразумела, што трэба будаваць новы корпус. Неабходную праектную дакументацыю падрыхтавалі ў 1991-м, пасля чаго на будаўніцтва выдзелілі грошы. Калі яно пачалося і з якой хуткасцю ішло, звестак няма, але ведаючы, як усё адбывалася ў пачатку дзевяностых, выкажам здагадку, што вельмі павольна і са шматлікімі паўзамі.

У 1995-м інтэрнат наведаў Мечыслаў Грыб, тагачасны спікер парламента — Вярхоўнага Савета. У тым годзе праходзілі парламенцкія выбары, палітык балатаваўся ў дэпутаты наступнага склікання ад роднай яму Дзятлаўскай акругі. «Ужо ў той час гэты інтэрнат выклікаў вялікія турботы. І ўжо ў той час былі амаль што пабудаваныя сцены цагляныя новага корпусу. Але <…> прайшло восем гадоў, і не знайшлося грошай, каб закончыць гэтае вялікае будаўніцтва», — каментаваў ён пасля трагедыі.

Сапраўды, апошнія фінансавыя паступленні на будаўніцтва былі зафіксаваныя ў 2001-м. Пасля гэтага яны спыніліся, таму хворыя былі вымушаныя туліцца ў старым драўляным памяшканні.

Галоўнай праблемай інтэрната быў катастрафічны недахоп сродкаў. Яшчэ ў 1998-м там паставілі пажарную сігналізацыю. Два гады фірма абслугоўвала яе па гарантыі бясплатна. Але калі тэрмін прайшоў, інтэрнат плаціць не стаў: не было грошай. Таму фірма ўрэшце адмовілася абслугоўваць абсталяванне. Саму сігналізацыю не дэмантавалі — але ў верасні 2003 года, недзе за месяц да трагедыі, яна перастала працаваць.

Пожары 1992 года в Беларуси. Фото: Сергей Брушко
Пажары 1992 года ў Беларусі. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Сяргей Брушко

І гэта была не адзіная праблема. За паўгода да трагедыі інспектар пажарнага нагляду забараніў эксплуатацыю інтэрнатам печак (яны не былі адрамантаваныя) і памяшканняў вакуум-помпавай і кармакухні. Дырэктар Аляксандр Бялятка падпісваць прадпісанне адмовіўся, бо не быў згодны з забаронай пячнога ацяплення. Логіка была наступнай: у выпадку згоды трэба праводзіць цэнтральнае ацяпленне. Але грошай не было нават на пажарную сігналізацыю — пра якую замену цэлай сістэмы ацяплення магла ісці гаворка?

Зачыненыя вокны і запасны выхад

Каля дзевяці гадзін вечара 11 кастрычніка 2003 года медсястра Ірына Логін прыйшла з медчасткі ў корпус інтэрната, дзе было дзесяць палат. Дзяжурныя санітаркі далажылі ёй, што ўсё ў парадку. Жанчына раздала хворым лекі і вярнулася на сваё працоўнае месца. Прыкладна ў дзесяць гадзін санітаркі Ядзвіга Барук і Лілія Кавальчук абышлі палаты. Паводле іх, скаргаў не было. Потым прыкладна да гадзіны ночы жанчыны разам з вартаўніком Міхаілам Томчыкам глядзелі тэлевізар. Потым апошні пайшоў на абыход тэрыторыі дома-інтэрната, а санітаркі зачынілі за ім дзверы. Адзін з хворых ноччу папрасіўся ў прыбіральню. Барук выпусціла яго, а калі ён вярнуўся, зноў зачыніла ў палаце.

Калі дакладна пачаўся пажар, невядома. Хутчэй за ўсё, каля чатырох гадзін раніцы. Прыкладна ў 4 гадзіны 10 хвілін Ядзвіга Барук пайшла да рукамыйніцы папіць вады і ўбачыла, што пад столлю клубіцца дым. Яна паведаміла пра гэта сваёй калезе Кавальчук.

Паводле адной версіі, тая адразу пачала выводзіць хворых з палат, а Барук пабегла да медсястры Ірыны Логін, каб папярэдзіць яе пра пажар (нагадаем, што ў самім корпусе тэлефонаў не было). Паводле іншай, расказанай самой Барук, у іншы корпус кінулася Кавальчук.

Калі Логін даведалася пра пажар, то патэлефанавала дырэктару. «Ірына Уладзіміраўна, медсястра, ад спалоху набрала спачатку нумар дырэктара, а потым адразу пажарных», — тлумачыла Барук. Існуе і іншая версія, паводле якой менавіта дырэктар выклікаў па тэлефоне пажарных і сам кінуўся ратаваць людзей. Зрэшты, магчыма, што абедзве версіі праўдзівыя і званкі пажарным было два: ад дырэктара і ад медсястры.

Фото: t.me/dsns_telegram
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: t.me/dsns_telegram

Самі тушыць пажар жанчыны не маглі: у корпусе, які гарэў, быў усяго адзін вогнетушыцель (норма — дзесяць). Шчыты з першаснымі сродкамі пажаратушэння (скрынямі з пяском, вогнеўстойлівымі тканінамі і гэтак далей) аказаліся разукамлектаваныя. Грошай на ўсё гэта таксама не было.

Таму жанчыны разам з вартаўніком пачалі выводзіць хворых. Многія з іх спрасонку, у цемры, а таксама праз асаблівасці здароўя былі дэзарыентаваныя: лаялі медсясцёр, якія іх пабудзілі, і зноў клаліся спаць.

«Гэта ж хворыя людзі, спяць на снатворным, — казала Ядзвіга Барук. — Іх і ў шэсць раніцы не ўсіх адразу дабудзішся. Я яму: „Уставай, уцякай!“ А ён устае і пачынае павольна апранацца. Нічога не разумее… У нас 22 чалавекі наогул ляжачыя (паводле іншых звестак, іх было каля дзесяці. — Заўв. рэд.). Вокны сталі выбіваць — агонь як пыхнуў. Каго праз вокны дасталі, каго праз дзверы вынеслі. А сілы дзе? Іх 62 дарослыя мужыкі, а нас пяць санітарак з усіх карпусоў, медсястра і вартаўнік Міша. Яны не ўсе і зразумелі, што пажар… Нават тыя, каго мы вывелі».

У дадатак двое пацыентаў, ужо вырваўшыся з агню, вярнуліся па тэлевізар і музычны цэнтр і ўжо не змаглі выбрацца.

Тым часам агонь пачаў хутка распаўсюджвацца па будынку. Да некаторых палат работнікі інтэрната так і не змаглі падысці. У тым ліку да ізалятара — двух пакояў, вокны якіх былі закрытыя металічнай сеткай, а дзверы замкнутыя на ключ. Людзі, якія знаходзіліся там, спрабавалі выратавацца самі: яны вырвалі сетку на адным з вокнаў, але выбрацца з полымя здолеў толькі адзін чалавек, а шасцёра згарэлі.

Тым часам прыехалі пажарныя з Казлоўшчыны. Калі менавіта гэта адбылося, дакладна невядома. Ядзвіга Барук сцвярджала, што ратавальнікаў выклікалі адразу, але першая машына прыехала з цэнтра сельсавета толькі праз паўгадзіны — у 04.36 раніцы. Іншыя пажарныя каманды з раённага Дзятлава — яшчэ пазней. «Прыкладна ў 04.20 хуткая ехала з выкліку і бачыла, як пажарныя запраўляліся з возера ў Казлоўшчыне», — казала яна.

Паводле іншай версіі, першая машына пажарных усё ж прыехала вельмі хутка: прайшло ўсяго восем ці нават шэсць хвілін пасля выкліку. Як сказаў адзін з пажарных, калі яны пад’ехалі да будынка, полымя ўжо біла з усіх вокнаў, шыферны дах «страляў». Праз некалькі секунд усё абрынулася проста на іх вачах.

Фото: Reuters
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

Прыбыўшы, пажарныя адразу ж папрасілі па рацыі падмацавання і пачалі змагацца з агнём самі. Але нават калі яны выдаткавалі ўвесь запас вады, пажар не сціх. Тым часам аператыўна прыбылі іншыя пажарныя аўтамабілі (мяркуючы з усяго, акурат з райцэнтра). Але на той час дах будынка ўжо абрынуўся.

«Медсёстры, вартаўнік і дырэктар ратавалі людзей да апошняга», — расказвалі журналістам у пракуратуры. У адной з сясцёр былі апёкі, іншая парэзалася аконным шклом. «Яны атрымалі моцную псіхалагічную траўму і знаходзяцца ў шоку», — дадавалі ў ведамстве.

Раніцай 12 кастрычніка пажарныя дасталі целы загінулых. Некаторых знайшлі групамі ў праходах паміж ложкамі і ў калідоры, некаторых — пад ложкамі, многіх — на ложках. Адной з прычын гібелі быў закрыты запасны выхад. Тут версіі таксама разыходзяцца: паводле адной, санітарка Барук забыла, што ключы ад яго знаходзяцца ў службовым памяшканні. Паводле іншай, ключ даўно згубілі і не змаглі знайсці нават пасля патрабавання следства.

Усяго выратавалі 31 чалавека, столькі ж загінула. Самаму маладому сярод апошніх было 19 гадоў.

Гора мясцовых жыхароў і цынізм уладаў

Мясцовыя жыхары ўспрынялі здарэнне як асабістую трагедыю. «У кожнай хаце цяпер жалоба, у кожнай хаце свой нябожчык», — казала журналістам пенсіянерка Марыя, якая сама прапрацавала ў інтэрнаце 26 гадоў. Паводле яе, усіх пацыентаў інтэрната мясцовыя жыхары добра ведалі. Некаторымі хворымі вяскоўцы апекаваліся: тыя прыходзілі да іх у госці, як у сям’ю. «Не, яны не дапамагаць прыходзілі: якая ад іх дапамога, яны ж хворыя. Так, пасядзець, пагаварыць. Міша Матус усё гісторыі розныя складаў: напрыклад, як ён у Казлоўшчыну ездзіў, машыну разгружаў, аварыю бачыў. Ён у агонь за Колем Янкоўскім ускочыў. У Янкоўскага цэнтр музычны ў палаце заставаўся і тэлевізар — вось ён сам назад палез і Мішку клікнуў», — казала яна.

Фото: Reuters
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

«Да нас Гена пастаянна прыходзіў, — расказвала пра аднаго з загінулых Вольга, іншая мясцовая жыхарка. — Прыйдзе, сядзе на лаўку, пасядзіць. Маці мая, яна кухарам у інтэрнаце калісьці працавала, бывала, падыдзе, спытае: „Што ты, Геначка, сядзіш?“ А ён: „Маці чакаю“. А самому яму ўжо больш за сорак. Яго прывезлі з Самарскай вобласці, калі яму толькі 16 гадоў споўнілася, ён усё жыццё тут пражыў. Нешта з нагамі ў яго было, хадзіў дрэнна. Калі мама захварэла і ёй горш станавілася, ён бег як мог у медчастку, хуткую выклікаў. Памятаю, маму апошні раз хуткая везла, ён усё машыне ўслед крычаў: „Каця, не памірай!“ Цяпер няма Гены…»

Як казалі мясцовыя жыхары, у тую ноч яны не бачылі пажару. Але калі б бачылі, кінуліся б ратаваць. Пажару б напэўна не патушылі, але людзей бы выцягнулі, бо ведалі размяшчэнне пакояў і месцы, дзе ляжалі хворыя, што не маглі хадзіць.

Ужо на чацвёрты дзень пасля пажару вонкавых слядоў трагедыі ў Рандзілаўшчыне амаль не засталося. Экскаватары знялі з пажарышча апошнія пласты чорнага грунту, трактары вывезлі яго ў спецыяльна выкапаную траншэю кіламетры за тры ад вёскі.

Абгарэлыя целы адправілі ў морг у Дзятлаве. Пажар быў такой сілы, што апазнаць трупы было немагчыма. Ідэнтыфікацыю праводзілі па генетычным матэрыяле. Эксперты параўноўвалі яго з пробамі крыві сваякоў, якія звярнуліся па рэшткі. У першыя дні такіх зваротаў было каля дзясятка.

Таму асабліва цынічнай выглядала пазіцыя ўладаў. Тагачасная прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Пяткевіч у каментары «Радыё Свабода» заявіла, што ўлады не скіроўвалі спачуванняў родным, бо тыя нібыта адмовіліся ад гэтых людзей, што не адпавядала рэчаіснасці. Калі ў Пяткевіч спыталі, ці будзе абвешчаная афіцыйная жалоба, яна адказала пытаннем на пытанне: «А вось вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь? Як бы вы ўспрынялі, калі б па 30 псіхічна ненармальных людзях у краіне абвесцілі жалобу?.. Так, гэта трагедыя». Пасля гэтага яна кінула трубку. Жалобы ў краіне так не абвясцілі.

Наталья Петкевич. Фото: личный архив (публикация TUT.BY)
Наталля Пяткевіч. Фота: TUT.BY

Следства

У першым жа прэс-рэлізе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сфармулявала прычыны пажару так: «Неасцярожнае абыходжанне з агнём ці падпал па неасцярожнасці». Пра гэта ж заявіў кіраўнік МНС Уладзімір Астапаў, які сказаў, што падпал здзейсніў адзін з пацыентаў. Таксама міністр дадаў, што хворыя нібыта ўжо двойчы спрабавалі падпаліць будынак дома-інтэрната. А супрацоўнікі, паводле яго, не здолелі своечасова апавясціць дзяжурную службу і эвакуяваць людзей.

Пасля гэтага з’явілася версія пра падпальшчыка-пацыента, які пакутаваў на піраманію. Нібыта гэта быў далёка не першы падпал у інтэрнаце і нават у дзень трагедыі такіх падпалаў было некалькі. Версію падхапілі СМІ.

Пачуўшы пра такое, санітарка Ядзвіга Барук расплакалася: «Адкуль яны ўсё гэта бяруць? Я дзяжурыла ў тую ноч у гэтым корпусе. Які падпал? Ёсць у нас такі хворы, Рэйба. Як дапамогу атрымае — да бутэлькі прыкладаецца. А па п’яні рве кашулю на грудзях: „Я вас усіх спалю да нейкай там маці“. Але каб далей за пагрозы ішло — не было такога».

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Reuters
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

Праўда, жыхары Рандзілаўшчыны дапускалі, што будынак маглі падпаліць пацыенты. Мясцовая пенсіянерка Марыя ўспамінала, што за час яе працы пацыенты некалькі разоў падпальвалі матрацы і ўласную вопратку: «Гэта ж хворыя людзі — вядома, усякае бывала. Памятаю, калі яны хацелі печку падпаліць, то матрац падпальвалі і ў печку засоўвалі. А тое і ўласныя штаны здымалі. Таму яшчэ гадоў дзесяць таму печкі перарабілі так, што ў палатах іх адкрыць немагчыма».

Але ўрэшце следчыя адмовіліся ад версіі пра падпал. «Мы вывучылі асабістыя справы ўсіх пацыентаў корпуса, апыталі персанал і выжылых пацыентаў, вядома, тых, хто здольны гаварыць, — і не знайшлі ніякага пацверджання версіі пра пірамана. Ніводнага чалавека, у якога былі б хоць найменшыя прыкметы піраманіі. Невядома, на чым грутнуецца гэтая версія», — заявілі ў Генпракуратуры. У пажарнай частцы вёскі Казлоўшчына дадалі, што апошні выклік у інтэрнат быў недзе за паўгода да трагедыі: адзін з хворых падпаліў свой матрац. У дзень, які папярэднічаў пажару, ніякіх выклікаў з інтэрната не было.

Падчас расследавання высветліўся шэраг абставінаў. Так, у корпусе не было абсталяванага месца для курэння, пры гэтым супрацоўнікі не перашкаджалі курэнню ў палатах (наўпрост гэта не было звязана з трагедыяй, але магло прывесці да аналагічнай сітуацыі ў будучыні). Нягледзячы на патрабаванне правяральнікаў, агучанае тройчы, у інтэрнаце так і не правялі вогнеахоўнай апрацоўкі драўляных вокнаў, што таксама прывяло да яшчэ большых ахвяр.

У канцы лістапада 2003 года кіраўнік МНС Валерый Астапаў адзначыў, што пасля таго выпадку стаўленне да супрацьпажарнай бяспекі на такіх аб’ектах рэзка палепшылася: былі аператыўна праведзеныя абследаванні бальніц, дамоў-інтэрнатаў і іншых установаў сістэмы Мінздароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Падчас праверак выявілі мноства розных парушэнняў, якія пачалі аператыўна ліквідаваць.

Валерий Астапов. Фото: bis.nlb.by
Валерый Астапаў. Фота: bis.nlb.by

За некалькі дзён да гэтага Мінгарвыканкам выдаў пастанову «Пра дадатковыя меры забяспечання бяспекі жыццядзейнасці аб’ектаў г. Мінска», дзе наўпрост спасылаўся на страшны досвед трагедыі ў доме-інтэрнаце.

Прысуд суда быў вынесены ў лютым 2004 года. Абвінавачанне дырэктару інтэрната Аляксандру Бялятку і яго намесніку па гаспадарчай частцы Уладзіміру Бараноўскаму мела восем пунктаў. Яны прызналі два самыя сур’ёзныя — пра стан аварыйнага выхаду, пра што мы ўжо казалі, а таксама пра абсталяванне корпуса. Паводле інструкцый, на вокнах ізалятара мусілі быць распашныя краты, а не намёртва прывараная сетка (нагадаем, яе ўсё ж змаглі вырваць, але выратаваўся толькі адзін чалавек). Калі б выхад быў адкрыты і не было кратаў на вокнах, выжылых было б больш.

Адвакаты прасілі для падабаронных умоўныя тэрміны. Але суд даў пяць гадоў пазбаўлення волі — максімальнае пакаранне, якое прадугледжваў артыкул «Службовая халатнасць, што пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей і іншыя цяжкія наступствы». Суд ужыў закон пра амністыю і скараціў тэрміны да чатырох гадоў.

Фото: Reuters
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Reuters

Хоць насамрэч віна ляжала не толькі і не столькі на гэтых двух людзях, колькі на дзяржаўнай сістэме, па віне якой псіханеўралагічны дыспансер не меў грошай і не мог сабе дазволіць аплаціць працу пажарнага апавяшчальніка. Калі б ён спрацаваў пасля пачатку пажару (дарэчы, яго прычына так і засталася невядомай), пажарныя прыехалі б аператыўна і ахвяр удалося б пазбегнуць (ці, прынамсі, іх колькасць была б меншай).

Целы трох загінулых забралі сваякі, астатніх пахавалі проста на тэрыторыі інтэрната. Цяпер там пабудаваны новы корпус. А само месца нічым не нагадвае пра трагедыю, якая здарылася ў далёкім 2003 годзе.

Чытайце таксама