Мы пісалі, што вядомы байдарачнік, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Алег Юрэня выказаў незадаволенасць метадамі працы галоўнага трэнера мужчынскай зборнай Уладзіміра Шантаровіча. Той таксама не змаўчаў.
Нагадаем, 22 траўня Юрэня, які заваяваў ліцэнзію на Гульні ў Парыж, выказаўся пра свае алімпійскія перспектывы так:
— Усе спартоўцы на Алімпіядзе будуць у плюс-мінус аднолькавай форме. Усе будуць вартыя залатых медалёў. Я ведаю, як рыхтавацца, але, на жаль, з тымі распарадкамі, якія існуюць цяпер, гэта немагчыма. Ён [Шантаровіч] часта кажа, што мы жывём «па Канстытуцыі», але з агаворкай «як скажа старшы трэнер». Спадзяюся, мы знойдзем кампраміс і пачнём мэтаскіравана рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў. І змагацца за медалі.
Паводле Шантаровіча, з імем якога звязаныя шматгадовыя поспехі зборнай па веславанні на байдарках і каноэ, здабытая ліцэнзія не іменная. То-бок не факт, што менавіта Юрэня паедзе на сваю трэцюю Алімпіяду.
«Гэтая квота не іменная. Алег прайграў на «Гульнях добрай волі «іншаму нашаму спартоўцу. Выходзь, даказвай, дасягай выніку. Ён кажа пра тое, што гэта Шантаровіч прыдумаў. Гэта не я прыдумаў, пра гэта сказаў яму ў аэрапорце. Гартай дакументы, выходзь, перамагай. Сцяг табе ў рукі і працуй далей. Усе павінныя выканаць этапы адбору, апошні з іх — чэмпіянат Беларусі, дзе ўсё і вырашыцца ў пачатку ліпеня», — заявіў трэнер.