«Над маёй галавой, наколькі сягаў зрок, <…> я не ўбачыў нічога, акрамя велізарных аблокаў полымя, якія накрывалі небасхіл, перакочваючыся адно праз адно з лютай сілай буры», — так жыхар амерыканскага горада Пештыга апісваў самы смяротны лясны пажар у вядомай гісторыі чалавецтва, які здарыўся 8 кастрычніка 1871 года. Яго ахвярамі сталі ад 1,2 да 2,4 тысячы чалавек. Парадокс, але ў саміх ЗША, дзе лясныя пажары — цяпер усё часцейшае і сур’ёзнейшае бедства (як, напрыклад, апошні ў Лос-Анджэлесе), гэтая катастрофа шмат у чым забытая. «Я думаю, што Пештыга пракляты. Пра пажар мала хто ведае, і горад не афішуе яго», — казаў даследчык Біл Лутц, які займаўся гэтай катастрофай. Адказваем на пытанне, чаму так здарылася, і расказваем падрабязнасці.
Чаму мы называем пажар у Пештыга самым смяротным сярод лясных? Гэта адназначна найбуйнейшая такая катастрофа ў гісторыі Паўночнай Амерыкі, паведамляецца на сайце Нацыянальнай асацыяцыі супрацьпажарнай абароны ЗША. Там прыводзяцца таксама падобныя бедствы на іншых кантынентах. Некаторыя з іх у спісе стаяць вышэй за Пештыга паводле колькасці ахвяр, аднак да лясных пажараў іх не аднясеш. Некаторыя пачыналіся як землятрусы або тэхнагенныя катастрофы, а толькі потым тэрыторыі ахоплівала полымя. Згадваецца пажар у кітайскім Чунцыні ў 1949 годзе з нібыта 7000 ахвяр, аднак крыніцы таго часу паведамляюць толькі пра тысячу загінулых, ды і пажар быў, відаць, гарадскім і пачаўся ў трушчобах. Значна больш, ад 2,7 да 4 тысяч, загінула ў Стамбуле ў 1660 годзе, але і там гаворка ішла пра гарадскі пажар. Так што катастрофа, пра якую мы расказваем у гэтым тэксце, — відаць, сапраўды самы вялікі па колькасці ахвяраў лясны пажар у вядомай гісторыі планеты і адзін з самых буйных у цэлым.
Прадвесце буры
Маштаб амерыканскага пажару ўражвае дагэтуль: ён знішчыў 2400 квадратных міляў (6,2 тысячы квадратных кіламетраў) — лясоў, фермаў і вёсак. У цэнтры гэтай тэрыторыі квітнеў лесанарыхтоўчы горад Пештыга. Менавіта таму сваёй назвай гэтая катастрофа звязаная з ім, хоць ад яе пацярпелі і іншыя населеныя пункты.
Пештыга размешчаны на Сярэднім Захадзе ЗША, на аднайменнай рацэ ў штаце Вісконсін, за некалькі міляў (адна міля — 1,6 км) ад яе ўпадзення ў заліў Грын-Бэй — частку возера Мічыган, найбуйнейшага ў Штатах. Месца, дзе знаходзіцца Пештыга, было заселенае з 1838 года. На момант катастрофы там жыло як мінімум 1,7 тыс. чалавек (ёсць звесткі, што іх было каля дзвюх тысяч). Там былі тартак, фабрыка па вытворчасці рамаў, дзвярэй і жалюзі, ліцейная і кавальская майстэрні, крамы, гатэлі, пансіён і, на немалы гонар жыхароў, школа, а таксама пратэстанцкая і каталіцкая цэрквы.
Горад атачалі густыя лясы, і людзі карысталіся гэтым рэсурсам напоўніцу. Дамы і ўсе гаспадарчыя пабудовы ўзводзіліся з драўніны, пілавінне ішло на падлогавае пакрыццё. Але лес выдаткоўваўся не толькі на асабістыя патрэбы.
Як адзначаў даследчык Біл Лутц, «у той час людзі лічылі, што могуць скарыць прыроду. Лясы трэба было высякаць, расчышчаць і выкарыстоўваць [гэтую тэрыторыю]». Паблізу працавала 60 лесанарыхтоўчых кампаній. У самім горадзе выраблялі вёдры, кадкі, ручкі для мётлаў, вечкі для бочак і прышчэпкі. Фермеры расчышчалі землі для пасеваў і выпасу жывёлы, пры гэтым спальваючы хмызы і смецце, часам пакідаючы іх дагараць без нагляду.
Таксама ў ваколіцах будавалася чыгунка, таму рабочыя высякалі і спальвалі лес на дарозе будучай веткі. Часам яны, як і фермеры, пакідалі ламачча на ўзбочынах — і іскры ад паравых рухавікоў у сухое надвор’е час ад часу падпальвалі гэтыя кучы. Акрамя таго, значная частка ссечанай драўніны збіралася ў лясах у чаканні таго, калі яе адправяць на тартакі.
Поўнач Вісконсіна, як правіла, не схільны да засухі, аднак зіма 1871 года была амаль бясснежнай, а лета — вельмі засушлівым. За выключэннем невялікага дажджу, які прайшоў 5 верасня, з 8 ліпеня ў рэгіёне не было ніводнага дажджу, а паветра было настолькі сухім, што адзін жыхар сказаў: «Калі б чалавек паднёс да яго запалку, ён бы загарэўся». Па балотах можна было спакойна хадзіць.
Пажары бушавалі па ўсім Сярэднім Захадзе. Часам іх пачыналі самі мясцовыя жыхары: фермеры падпальвалі дрэвы і пні, каб можна было пасадзіць расліны. «Нават імігранты, якія прыехалі з Бельгіі, Нарвегіі, Швецыі, Германіі, ведалі, што менавіта так трэба расчышчаць зямлю. Яны бачылі ў агні саюзніка», — казаў даследчык Дэніc Гес. Акрамя таго, паляўнічыя і індзейцы, начуючы ў лясах, распальвалі вогнішчы, каб прыгатаваць ежу, абараніцца ад холаду і дзікіх жывёл, але, адыходзячы раніцай, не тушылі вуглі.
За некалькі дзён да фатальнага пажару дым над залівам Грын-Бэй, на берагах якога размешчаны Вісконсін, быў настолькі густы, што ўвесь час працавалі туманныя горны (запасны гукавы сігнальны сродак на плывучых маяках для падавання сігналаў у тумане), і суднам даводзілася арыентавацца па компасе нават днём.
Ды і самі жыхары Пештыга атрымлівалі папярэджанні ад прыроды. Як успамінаў мясцовы святар Пітэр Пернін, да 8 кастрычніка (дня, калі ўсё адбылося) трагедыя ўжо двойчы ці тройчы здавалася няўхільнай. Вялізныя чароды птушак насіліся ў паветры, у лясах з розных бакоў ад горада раз-пораз успыхвалі пажары, напаўняючы паветра гарам, але ў нейкі момант сціхлі. Жыхары прыбралі з адкрытых месцаў усе гаручыя матэрыялы, якія маглі б стаць крыніцай агню, і павялічылі колькасць бочак з вадой, закопвалі свае самыя каштоўныя рэчы. «Мудрыя меры засцярогі, безумоўна, якія саслужылі б вялікую службу ў любым звычайным выпадку пажару, але якія аказаліся цалкам бескарыснымі ў жахлівым пажары, які абрынуўся на нас», — пісаў потым Пернін.
7 кастрычніка 1871 года мясцовая газета, якая пакутавала на недахоп добрых навін, адзначыла, што дым прынамсі значна скараціў папуляцыю камароў. Ніхто нават не мог уявіць, што чакае жыхароў наперадзе. А вось каты і птушкі, мяркуючы з усяго, у апошні момант адчулі нядобрае, бо днём 8 кастрычніка пакінулі горад.
Заўчасныя самагубствы і цуды сярод жаху
У той дзень з захаду прыйшоў халодны фронт. Розніца тэмператур па абодва яго бакі, імаверна, складала больш за 20 градусаў Цэльсія. Гэта выклікала лютыя ветры, якія раздзьмулі стэпавыя пажары па ўсім рэгіёне.
Піцера Перніна мучылі змрочныя прадчуванні. «Густы дым, што засцілае неба, цяжкая, задушлівая атмасфера, таямнічая цішыня, што напаўняе паветра і так часта прадказвае буру, здавалася, давалі падставы для страху ў выпадку раптоўнага шторму». З іншага боку, вуліцамі шпацыравала незлічоная колькасць моладзі, яны смяяліся, спявалі песні і былі зусім абыякавыя да пагрозлівага стану прыроды. «Гэтага было дастаткова, каб я падумаў, што турбуюся я адзін. Гэта прымусіла мяне саромецца гэтага пачуцця», — пазней пісаў ён.

Да сёмай вечара вецер пачаў узмацняцца. Паводле ўспамінаў Перніна, ён дзьмуў парывамі, «нібыта спрабуючы сілы, а потым гэтак жа хутка сціхаў». Гуляючы за горадам, святар са спадарожнікамі сталі сведкамі таго, як ад моцнага парыву ветру «ўспыхнулі старыя ствалы дрэваў, хоць вакол іх не было ніякіх прыкметаў попелу або іскраў, нібыта вецер быў дыханнем агню, здольным распаліць іх у полымя адным сваім дотыкам». Дрэвы патушылі, вецер зноў сціх.
Каля 20:30 Пернін зірнуў на захад, адкуль вецер упарта дзьмуў ужо некалькі гадзін. Ён убачыў «над густым воблакам дыму, што вісела над зямлёй, яркі чырвоны адбітак велізарных памераў, а потым раптам ударыла ў маё вуха, дзіўна чутнае ў звышнатуральнай цішыні, што панавала вакол, далёкае, але прыглушанае выццё, якое абвяшчала, што недзе захваляваліся стыхіі». Хутчэй за ўсё, у гэты момант некалькі драбнейшых пажараў аб’ядналіся ў адзін.
Катастрофа набліжалася да горада. Сярод «ненатуральнага спакою і цішыні, што панавалі вакол», святар чуў «дзіўны і жудасны шум, <…>, прыглушаны грукат якога рабіўся з кожным імгненнем усё больш выразным па меры набліжэння. Гэты гук нагадваў бязладны шум мноства вагонаў і лакаматываў, што набліжаюцца да чыгуначнай станцыі, або грымоты, з той розніцай, што ён не спыняўся, але з кожным імгненнем рабіўся ўсё больш інтэнсіўным. Відовішча гэтага пагрозлівага барвовага колеру ў небе, гук гэтага дзіўнага і невядомага голасу прыроды, што пастаянна ўзмацняўся ў жахлівай велічы, здавалася, надзялялі мяне звышнатуральнай сілай».
Пернін выпусціў хатніх жывёл, якіх змог, пастараўся схаваць маёмасць і рушыў у бок ракі. Тым часам вецер перарос ва ўраган, зносячы вароты і агароджы.
Каля 21 гадзіны на горад абрынуўся агонь. Адзіная пажарная машына прадказальна нічога не змагла з ім зрабіць. «Паветра было непрыдатнае для дыхання, бо было поўнае пяску, пылу, попелу, іскраў, дыму і агню. Было амаль немагчыма трымаць вочы адкрытымі, адрозніваць дарогу ці пазнаваць людзей, хоць дарога была запоўненая пешаходамі, а таксама павозкамі, што сутыкаліся адна з адной ва ўсеагульных уцёках. Адны спяшаліся да ракі, іншыя — ад яе, а ўсе аднолькава змагаліся з ураганам, — успамінаў святар. — Тысячы бязладных аглушальных шумоў падымаліся ў паветры адначасова. Іржанне коней, падзенне трубаў, трэск вырваных з коранем дрэваў, выццё і свіст ветру, трэск агню, калі ён з маланкавай хуткасцю бег ад дома да дома, — усе гукі былі там, акрамя чалавечага голасу. Людзі, здавалася, знямелі ад жаху. Яны штурхалі адно аднаго, не абменьваючыся позіркамі, словамі ці парадамі. Магільная цішыня панавала сярод жывых; толькі прырода ўзвысіла голас і загаварыла».
Людзі спрабавалі ўнікнуць гібелі ў агні як маглі, вар’яцелі ад жаху. Так, адзін з мужчын, убачыўшы ахопленую полымем жонку, перарэзаў горла тром сваім дзецям, а потым і сабе (агонь, як аказалася пазней, у выніку абышоў іх бокам). Іншы мужчына павесіўся на ланцугу калодзежнага вядра. Адзін з мясцовых жыхароў вынес у бяспечнае месца жанчыну, якую лічыў сваёй жонкай. Калі ён даведаўся, што гэта была не яна, то звар’яцеў. А вось наступны прыклад — адносна шчаслівы 21-гадовы мужчына зразумеў, што не зможа ўцячы, нанёс сабе некалькі ўдараў у грудзі сцізорыкам. Агонь яго ў выніку не закрануў, а нож не прабіў цела глыбока, таму чалавек выжыў.
Многае залежала ад выпадковасці. Газеты таго часу задаваліся пытаннем, як некаторыя людзі перажылі катастрофу, а іншыя, што былі за тры метры ад іх, згарэлі дашчэнту. Ці як цяжкая жалезная пажарная машына магла расплавіцца, а фарба на драўніне за паўметра ад яе засталася некранутай.
Пажар ператварыўся ў вогненную буру
Але пажарам усё не скончылася — ён перарос у агністы шторм. Як з’явіўся апошні? Цяпло, што вылучалі падпаленыя дрэвы і будынкі, выклікала падыманне над горадам слупа гарачага паветра. Халоднае паветра, што лінула на яго месца, раздзьмула полымя. Узнік велізарны паветраны паток, які прывёў да вогненнага тарнада і віхуры неверагодных памераў і тэмпературы. Акрамя таго, агонь распаўсюдзіўся па суседніх балотах і запаліў газы, што адтуль падымаліся. У выніку ўтварылася тое, што адзін сведка назваў «велізарным чорным шарападобным аб’ектам, які кружыўся над верхавінамі дрэваў і выбухаў».
Агністы шторм хутка распаўсюдзіўся па наваколлі. Пра яго маштаб сведчыць той факт, што агонь перакінуўся праз воды заліва Грын-Бэй (а ён у тым месцы 15−20 км шырынёй) і пакінуў разбурэнні і на іншым беразе.

Паветра было настолькі гарачым, што падпальвала валасы і апякала адкрытыя часткі цела. Людзі шукалі выратавання ў розных месцах. Хтосьці залез у студні, але іх вечкі згарэлі і абрынуліся, забіўшы няшчасных (іншыя задыхнуліся там, калі агонь паглынуў увесь кісларод). Іншыя, пачуўшы гукі і падумаўшы, што гэта тарнада, схаваліся ў падвалах — і зварыліся там. Рэальнае выратаванне людзі знаходзілі толькі ў ледзяной рацэ Пештыга.
«Берагі ракі, наколькі сягаў зрок, былі запоўненыя людзьмі, што стаялі там, нерухомыя, як статуі, некаторыя з вырачанымі вачыма, звернутымі да неба, і высунутымі языкамі. Большасць, здавалася, не мела нават найменшага ўяўлення, як зрабіць хоць нешта для сваёй бяспекі, думаючы, як многія пасля прызналіся мне, што надышоў канец свету і што ім не застаецца нічога, акрамя маўклівага падпарадкавання лёсу», — пісаў Пітэр Пернін.
Тады святар штурхнуў людзей, што стаялі па абодва бакі ад яго, у раку. «Адзін з іх выскачыў <…>, мармычучы: „Я мокры“, але быць у вадзе было лепшым, чым быць у агні. Я зноў злавіў яго і пацягнуў за сабой у раку як мага далей. У той жа момант я пачуў воплескі вады на беразе ракі. Усе зрабілі як я. Прыйшоў час; паветра больш не было прыдатнае для ўдыхання, а інтэнсіўнасць цяпла павялічвалася. Яшчэ некалькі хвілін, і ніводная жывая істота не змагла б супрацьстаяць яго вогненнаму дыханню», — пісаў ён. Было каля 22 гадзін.
Да таго часу горад знік. Шторм падкідваў дамы больш чым на 100 футаў (каля 30 метраў) у паветра, шпурляючы чыгуначныя вагоны і вырываючы дрэвы з коранем. «Агонь ператварыў пясок у шкло, — пісаў Біл Лутц. — Паветра было гарачэйшае, чым у крэматорыі, а хуткасць агню складала 90 міляў на гадзіну (144 км/г — Заўв. рэд.). Я чытаў аповед ветэрана Грамадзянскай вайны [у ЗША паміж Поўначчу і Поўднем], які прайшоў праз некаторыя з самых страшных бітваў. Ён апісаў грукат падчас пажару як у сто разоў гучнейшы, чым любы артылерыйскі абстрэл». Тэмпература навакольнага паветра, імаверна, складала ад 500 да 700 градусаў (паводле Фарэнгейта, а паводле Цэльсія гэта ад 260° да 371°). «Агонь расплавіў цягнік. Ад яго (агню. — Заўв. рэд.) немагчыма было ўцячы», — адзначаў Лутц.
Святар Пернін, аказаўшыся па шыю ў вадзе, думаў, што цяпер ён і людзі побач будуць у бяспецы. «Але гэта было не так; полымя кідалася над ракой, як і над сушай, <…> хутчэй, само паветра гарэла. Нашыя галовы былі ў пастаяннай небяспецы. Толькі ўвесь час абліваючы іх вадой і б’ючы па рацэ рукамі, мы стрымлівалі полымя. Адзенне і коўдры [людзі] кідалі ў раку, без сумневу, каб выратаваць іх, і яны плавалі ўсюды. Я злавіў некалькі, што трапіліся пад руку, і накрыў імі галовы людзей, што туліліся да мяне ці чапляліся за мяне. Гэтыя накідкі хутка высыхалі ў жары <…> і загараліся кожны раз, калі мы пераставалі іх паліваць», — успамінаў ён. У вадзе таксама былі коні, каровы і іншыя жывёлы, плавала смецце. 13-гадовая нямецкая імігрантка расказвала, што ўсю ноч трымалася за рог каровы ў рацэ, каб выжыць.
Пернін успамінаў, што «рака была ярчэйшая, чым днём, <…> калі я адводзіў позірк ад ракі і глядзеў направа ці налева, перад сабой ці ўверх, я не бачыў нічога, акрамя полымя; дамы, дрэвы і само паветра былі ў агні. Над маёй галавой, наколькі сягаў зрок, у прасторы, на жаль, занадта ярка асветленай, я не бачыў нічога, акрамя велізарных аблокаў полымя, што накрывалі небасхіл, перакочваючыся адно праз адно з бурнай сілай, нібыта масы аблокаў, шалёна гнаных туды і сюды лютай сілай буры».
Са словаў святара, ён змог выбрацца з ракі толькі, а палове чацвёртай раніцы, прабыўшы там каля пяці з паловай гадзін. Аднак пакуты таго каштавалі: тыя, хто схаваўся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на ўсходнім баку ракі, у выніку аказаліся самай вялікай групай выжылых.
Паўзабытая катастрофа
Паводле самай распаўсюджанай версіі, ахвярамі пажару сталі ад 1,2 да 2,4 тысячы чалавек. Сустракаецца версія, што, магчыма, іх колькасць складала да 2,5 тысяч. Ёсць і дакладннйшая разбіўка: 1152 чалавекі загінулі, яшчэ 350 лічыліся загінулымі (мяркуючы з усяго, іх целаў не знайшлі). Але ў цэлым дакладная колькасць ахвяр засталася невядомай. Запісы пра колькасць насельніцтва загінулі ў агні, таму ніхто дакладна не ведаў, колькі перад пажарам у горадзе пасялілася новых імігрантаў, завабленых магчымасцямі лесанарыхтоўчай прамысловасці.
Пештыга і суседні Брусэль (у ЗША было модна называць населеныя пункты еўрапейскімі тапонімамі) былі літаральна сцёртыя з твару зямлі, выпаленая паласа лесу расцягнулася на шырыню 10 міляў і на 40 міляў у даўжыню (16 і 64 км). У самім Пештыга ацалелі толькі два будынкі (а паводле іншых звестак — адзін, ды і тое недабудаваны).
Тады чаму гэтая трагедыя не прагрымела на ўсю краіну? Навіны пра пажар у амерыканскай правінцыі дайшлі да «цэнтральнай прэсы» розных штатаў толькі праз некалькі дзён.
Між тым у той самы дзень, 8 кастрычніка 1871 года, на паўночным усходзе ЗША адбылося яшчэ некалькі аналагічных катастроф. Самым вядомым сярод іх стаў вялікі пажар у Чыкага — амаль 300 чалавек загінула, 18 тысяч будынкаў было разбурана; 100 тысяч чалавек (траціна горада) засталіся без прытулку. Многія амерыканцы дагэтуль лічаць самым згубным пажарам менавіта яго. А аповед пра тое, як карова мясцовай жыхаркі місіс О’Ліры перакуліла ліхтар у свіране, што і прывяло да ўзгарання, увайшоў у падручнікі (хоць пазней аказалася, што ён быў выдумкай). У наступную чвэрць стагоддзя горад быў адноўлены і замацаваў свой статус аднаго з ключавых мегаполісаў.
Нарэшце, усё ў той жа дзень 8 кастрычніка ў тым рэгіёне здарыўся яшчэ і Вялікі Мічыганскі пажар, ахвярамі якога стала не менш за 200−250 чалавек, а таксама пажар у Порт-Гуроне (горадзе ў штаце Мічыган).
«Пештыга тады быў адсталым лесанарыхтоўчым мястэчкам, Чыкага — вялікім горадам. Які з іх забярэ больш увагі?» — рытарычна пытаў у Музеі пажараў Пештыга валанцёр, чый прадзядуля загінуў падчас катастрофы. Пакуль навіна дабралася да сталіцы штата, горада Мэдысан, губернатар і большасць чыноўнікаў ужо выправіліся ў Чыкага, каб дапамагчы суседзям. Гэта канчаткова ссунула фокус увагі.
Дзеля аб’ектыўнасці, на Пештыга ўсё ж лінуў паток харчоў і дапамогі, што дазволіла падняць горад з попелу. Аднак свайго ранейшага значэння ён ужо ніколі не набыў, бо лес — крыніца яго росквіту — знік. Гэтыя землі сталі сельскагаспадарчымі ўгоддзямі для вырошчвання ўраджаю.
Аднак гэтаму населенаму пункту яшчэ пашанцавала. Напрыклад, з 77 жыхароў суседняга Уільямсанвіля выжыла толькі 17, і паселішча так і не аднавілася. На гэтым месцы цяпер мемарыяльны парк.
Бедства ў Пештыга так і не стала для амерыканцаў урокам. Па меры таго як лесанарыхтоўчыя лагеры, чыгункі і пасяленцы прасоўваліся на захад, гарэнне лясоў перамяшчалася разам з імі. У штаце Мінесота адбылося некалькі буйных пажараў. У 1894 годзе такі забраў жыцці 400 чалавек, а ў 1918-м — больш за 500 чалавек.
Праз шмат гадоў навукоўцы паспрабавалі ўзнавіць трагедыю ў Пештыга. Падчас Другой сусветнай вайны амерыканскія вайскоўцы вывучалі гэты пажар, каб даведацца, як ствараць вогненныя буры. Яны пабудавалі «невялікую маштабную мадэль драўляных будынкаў і вывучалі, як скідваць бомбы, пакуль не ўтворыцца агністы шторм», — расказваў даследчык Дэніс Гес. Пасля гэтага канцэпцыю выкарысталі на практыцы падчас бамбавання Дрэздэна і Токіа. Біл Лутц пазней адзначаў: «Я чытаў японскую справаздачу пра тое, як выглядала бамбардаванне Токіа. Калі прыбраць тры-чатыры словы, то атрымаецца апісанне Пештыга».
Чытайце таксама


