У Беларусі з 2023 года перагледзелі суму, якая не абкладаецца падаходным падаткам. Таксама чыноўнікі змянілі памеры некаторых падатковых вылічэнняў. Гэта прадугледжана зменамі ў Падатковы кодэкс.
Як змянілі сумы даходаў, з якіх не трэба плаціць падаткі
Даходы ад дарэння, якія не абкладаюць падаходным падаткам, павысілі да 9338 рублёў (было — 8078 рублёў). Беларусы могуць атрымаць пэўную суму ў падарунак і не плаціць з яе падаходны падатак. З сумы перавышэння трэба заплаціць падатак па стаўцы 13%, а таксама падаць падатковую дэкларацыю па выніках года.
Чыноўнікі таксама павысілі ў 2023 годзе:
- даходы ад асноўнага наймальніка, якія не з’яўляюцца аплатай працы (пуцёўкі, прызы, падарункі і гэтак далей), у тым ліку пенсіянерам, якія раней працавалі ў гэтага наймальніка — да 2821 рубля ад кожнай крыніцы цягам года (было — 2440 рублёў);
- даходы ад іншых арганізацый, якія не з’яўляюцца аплатай працы (прызы, падарункі і гэтак далей) — да 186 рублёў ад кожнай крыніцы цягам года (было — 161 рубель);
- бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу, а таксама ахвяраванні, атрыманыя інвалідамі, дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, на дабрачынны рахунак у банку — у памеры 18 660 рублёў у суме ад усіх крыніц цягам года (было — 16 142 рублі);
-
страхавыя ўнёскі па дамовах добраахвотнага страхавання за работніка па месцы асноўнай працы — у межах 4830 рублёў цягам каляндарнага года (было — 4178 рублёў).
Як змянілі стандартныя падатковыя вылічэнні для фізічных асобаў
Таксама павялічылі падатковыя вылічэнні — сумы, якія не абкладаюцца падаходным падаткам. Так, у 2023 годзе паднялі:
- стандартнае падатковае вылічэнне пры пэўным узроўні даходу — 156 рублёў за месяц, калі даход агулам не перавышае 944 рублёў за месяц (было — 135 і 817 рублёў адпаведна);
- стандартнае падатковае вылічэнне на дзіця да 18 гадоў і/або на кожнага ўтрыманца (дзеці, старэйшыя за 18 гадоў, якія атрымліваюць сярэднюю, першую вышэйшую, першую сярэднюю спецыяльную або першую прафесійна-тэхнічную адукацыю на дзённай форме навучання; інваліды I або II групы, старэйшыя за 18 гадоў; няпоўнагадовыя, над якімі ажыццяўляецца апека; фізасоба, чые жонка або муж знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці) — 46 рублёў за месяц на дзіця да 18 гадоў і/або кожнага ўтрыманца (было — 40 рублёў);
- стандартнае падатковае вылічэнне для ўдавы або ўдаўца, самотнага бацькі або маці, прыёмнага бацькі або маці, апекуна — 87 рублёў за месяц на кожнае дзіця да 18 гадоў і/або ўтрыманца (было — 75 рублёў);
- стандартнае падатковае вылічэнне для бацькоў, якія маюць двух і больш дзяцей да 18 гадоў або дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў — 87 рублёў на кожнае дзіця ў месяц (было — 75 рублёў);
- стандартнае падатковае вылічэнне для інвалідаў I і II групы незалежна ад прычын інваліднасці, інвалідаў з дзяцінства, дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС, удзельнікаў ВАВ і гэтак далей (поўны спіс можна паглядзець у падпункце 1.3 пункта 1 артыкула 209 Падатковага кодэкса) — 220 рублёў у месяц (было — 190 рублёў).