У Мінску амаль два гады таму стварылі «засакрэчаную» арганізацыю — «Фонд першага». Яна зарэгістраваная па тым самым адрасе, што і меркаваная новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Летась палітык заявіў, што фонд мусіць замяніць закрытыя праз рэпрэсіі дабрачынныя арганізацыі. Аднак у публічным доступе дагэтуль практычна няма інфармацыі пра гэтую структуру: ні хто ёю валодае, ні ці вядзе яна дзейнасць, а калі так, то чым займаецца. «Люстэрка» сабрала тое нямногае, што вядома пра гэты фонд.
Арганізацыя пад патранатам Аляксандра Лукашэнкі, якую назвалі «Фонд першага», была зарэгістраваная 25 кастрычніка 2022 года. Структура, паводле сцверджанняў палітыка, мусіла аказваць дапамогу «тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу». «Мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя не будуць», — казаў Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку 2023 года — праз год пасля стварэння фонду. Тады ж ён прызнаўся, што арганізацыю ствараюць на месцы разгромленых паводле яго ўказа НДА, якія дапамагалі людзям. Акрамя гэтага, палітык заявіў, што практычна праз год пасля адкрыцця на рахунках арганізацыі было пуста і ў яе яшчэ не было кіраўніка.
Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што патрэбны «абсалютна адкрыты фонд, каб людзі, якія ўносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы».
У кастрычніку 2023-га, праз два дні пасля заяваў палітыка, старшыня цэнтральнай раённай арганізацыі Мінска «Белая Русь» Галіна Гузоўская расказала, што сістэма працы фонду будзе празрыстай: «Калі юрыдычныя асобы, магчыма, у будучыні арганізацыі ці простыя людзі будуць аказваць сур’ёзную фінансавую дапамогу і падтрымку сваім суграмадзянам праз „Фонд першага“, то, магчыма, і ў падатковым заканадаўстве будуць нейкія паслабленні для такой катэгорыі грамадзян».
Што цяпер (не)вядома пра фонд?
У публічным доступе ў фонду няма фінансавых справаздач ці звестак пра пададзеныя ім падатковыя дэкларацыі. Няма ў яго ні сайта, ні нават агульнавядомага нумара тэлефона, праз які туды маглі б звярнуцца дабрачынцы альбо тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе.
Нават у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і ІП усе звесткі пра структуру, у тым ліку пра ўладальнікаў, кіраўніка і адрас знаходжання, схаваныя. Хоць яшчэ ў кастрычніку мінулага года ў выпісцы па фондзе было відаць, што ён зарэгістраваны па адрасе новай меркаванай рэзідэнцыі Лукашэнкі — на вуліцы Чырвонаармейскай, 15.
Вядома толькі, што арганізацыяй валодае юрыдычная асоба (або некалькі) без дзяржаўнага і замежнага ўдзелу.
Паводле звестак на пачатак 2024 года, у фондзе афіцыйна быў працаўладкаваны адзін чалавек.
Нагадаем, раней аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL паведамляла, што па адрасе Чырвонаармейская, 15 у Мінску — у будынку, прызнаным гістарычна-культурнай каштоўнасцю, — уладкоўваюць новую рэзідэнцыю Лукашэнкі.
Сам палітык заявіў, што гэты будынак адрамантавала яго Кіраўніцтва справамі. Нібыта на першым паверсе абсталявалі аддзяленне рэабілітацыі (ён не патлумачыў для каго). А на верхнім паверсе ён «даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам».
Мы паспрабавалі адшукаць хоць адну грамадскую арганізацыю, размешчаную па гэтым адрасе. Але не знайшлі ніводнай.
Чытайце таксама