Аляксандр Лукашэнка памілаваў яшчэ 32 чалавекі, якія былі асуджаныя за «экстрэмісцкія злачынствы», піша яго прэс-служба.
«Гэта 8 жанчын і 24 мужчыны. Усе яны прызналі віну, раскаяліся ў зробленым і хадайнічалі наконт памілавання», — гаворыцца ў паведамленні.
Паведамляецца, што 17 чалавек маюць хранічныя захворванні, адзін — інвалід. Дзеці ёсць у 17 асуджаных, з іх двое — шматдзетныя. Яшчэ дзевяць памілаваных — старэйшыя за 50 гадоў.
Прозвішчы памілаваных не называюцца. Адзначаецца, што МУС «забяспечыць кантроль за іх законапаслухмянымі паводзінамі».
Нагадаем, 7 лістапада Лукашэнка падпісаў указ пра памілаванне 31 чалавека, асуджанага за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці». 16 верасня палітык памілаваў 37 чалавек, 16 жніўня — 30 чалавек, а 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязняў.
Пры гэтым у Беларусі працягваюцца суды па палітычна матываваных артыкулах, і людзі па-ранейшаму адпраўляюцца ў калоніі і турмы.