Рост цэн на ікру ў Беларусі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) патлумачылі пагаршэннем улову ласося ў Расіі. Тым не менш у ведамстве лічаць, што гэты прадукт «даступны» па цане для беларусаў. Паглядзелі, за колькі прадаюць ікру ласосевых рыб у дастаўках вядомых гандлёвых сетак.
Цэны на ікру ласося
У МАРГ расказалі, што ікра даражэе праз зніжэнне аб’ёмаў улову ласосевых рыб у Расіі. «Аднак цана на ікру застаецца даступнай для пакупнікоў», — заявіў кіраўнік ведамства Аляксей Багданаў.
Калі паглядзець у крамах цэны менавіта на ікру ласося, то ва ўсеагульнай яе даступнасці можна засумнявацца. Напрыклад, у дастаўцы сеткі АЛМІ бляшанка ласосевай ікры на 230 грамаў каштуе 131,36 рубля. За кілаграм выходзіць 571,13 рубля. Гэта расійскі прадукт гандлёвай маркі «Пуціна». Ёсць меншая бляшанка гэтага ж вытворцы — вагой 95 грамаў. Яе кошт — 49,43 рубля (549,22 рубля за кіло).
Трохі танней у гэтай жа дастаўцы прадаюць ласосевую крупчастую ікру ад «Санта Брэмар»: 57,6 рубля за 110 грамаў — атрымліваецца 523,64 рубля за кіло.
У «Е-дастаўцы» прапануюць 95 грамаў далікатэсу расійскай маркі «Тунгутун» за 36,99 рубля са зніжкай (42,99 рубля без дысконту). За кіло выходзіць 389 рублёў. Стаграмавая бляшанкі маркі «Красное Золото» каштуе 64 рублі (640 рублёў за кілаграм).
У дастаўцы Green ёсць варыянт ад «Санта Брэмар» па цане 62,99 рубля за 110 грамаў, або 572,64 рубля за кіло. Аднак у апісанні гаворыцца, што гэта «ікра ласосевых рыб», а не менавіта ласося.
У анлайн-краме «Гіпа» ласосевая ікра «Красное золото» (Расія) вагой 230 грамаўкаштуе 146,35 рубля. Гэта 636 рублёў за кілаграм. Тамсама 140 грамаў ікры «ласосевых рыб» маркі «Сделано в море» каштуе 70,49 рубля. Гэта 503,5 за кілаграм.
Таннейшы варыянт — ікра гарбушы
Ёсць таннейшыя варыянты, чым ласосевая ікра. Напрыклад, ікра гарбушы (якая таксама адносіцца да сямейства ласосевых). Так, у АЛМІ ёсць варыянт ад «Санта Брэмар» па цане 21,99 рубля за бляшанку на 105 грамаў. За кіло — 209,43 рубля.
Гэты ж прадукт у «Е-дастаўцы» ёсць па цане 19,99 рубля са зніжкай (25,79 рубля без яе). Гэта 190,38 рубля за кілаграм.
140-грамавую ўпакоўку ласосевай ікры ад «Санта Брэмар» у дастаўцы Green можна знайсці таксама па акцыі за 25,99 рубля (да яе — 33,59 рубля). Атрымліваецца, кіло каштуе 185,64 рубля.
Мала каму даступны дэлікатэс
Ёсць у гандлі і значна даражэйшыя варыянты, але ўжо ад іншай рыбы. Так, 50 грамаў асятровай ікры беларускага брэнда Admiral Husso абыдуцца ў 159 рублёў. І гэта са зніжкай (без яе — 217,61 рубля). У пераліку на кіло прадукту атрымліваецца 3180 рублёў. Гэта ў 1,3 разу больш, чым сярэдні заробак беларусаў да выплаты падаткаў (у кастрычніку ён быў 2 363,4 рубля).
Асятровая ікра ад «Санта Брэмар» выйдзе трошкі танней — 153,99 за 50 грамаў (або 3 079,80 рубля за кіло).
Чытайце таксама