Гомельскія памежнікі перахапілі ўкраінскі беспілотнік, паведамляе прэс-служба Дзяржпамежкамітэта. Напярэдадні гэта абмеркавалі ў эфіры СТБ — прапагандысты вырашылі, што гэта не проста разведвальная дзейнасць, а гатоўнасць напасці на адно з прадпрыемстваў.
Інцыдэнт адбыўся 2 лістапада за кіламетр ад беларуска-ўкраінскай мяжы ў Гомельскім раёне. Памежнікі заўважылі квадракоптар, які ляцеў з боку Украіны.
«Прынятымі мерамі робат удалося прымусова пасадзіць. У выніку аналізу дадзеных карты памяці беспілотніка пацверджаны факт яго запуску з украінскай тэрыторыі. Устаноўлена, што квадракоптар выкарыстоўваўся ўкраінскімі ваенізаванымі падраздзяленнямі на мяжы з Рэспублікай Беларусь. Змест знойдзеных фота- і відэаматэрыялаў сведчыць, што робат быў абсталяваны сістэмай інфрачырвонага бачання, выкарыстоўваўся для трэніровак перамяшчэння і скіду выбуховых прыстасаванняў, а таксама вядзення разведкі і здымкі тэхнічных сродкаў аховы мяжы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — заявілі ў ведамстве.
Інцыдэнт напярэдадні абмеркавалі ў эфіры тэлеканала СТБ прапагандыст Рыгор Азаронак і праўладны палітолаг Пётр Пятроўскі.
«Знойдзеныя фота беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на карце памяці гэтага беспілотнага апарата. Чарговая правакацыя, пра што гэта сведчыць?» — задаўся пытаннем Азаронак.
Пятроўскі выказаў здагадку, што гэта не правакацыя, а разведвальная дзейнасць.
«Якая ажыццяўляецца перад нападам», — удакладніў Азаронак.
«Так. Не проста перад нападам, я лічу, што яны спрабуюць маніторыць сітуацыю на прампрадпрыемствах, каб нанесці нейкі ўдар. Для чаго гэта робіцца? Глядзіцца, а што там ёсць. Ці ёсць СПА, ці можна туды дзеўбануць», — пагадзіўся з ім Пятроўскі.
Нагадаем, яшчэ ўлетку на дзяржТБ расказвалі пра «спыненне чарговай тэрарыстычнай атакі» з боку Украіны. У сюжэце, паказаным у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», заявілі пра «нейтралізацыю на мяжы ўкраінскага беспілотніка са смяротным грузам».