Больш за 200 чалавек зазналі пераслед падчас масавай аблавы сілавікоў на сваякоў палітвязняў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі пад падпіску пра неразгалошванне. Аднак не ўсе з іх былі вызваленыя — у дачыненні да некаторых распачалі крымінальныя справы па арт. 361−1 (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і арт. 361−4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Некаторых асудзілі па адміністрацыйных артыкулах.
Нагадаем, масавы рэйд па былых палітычных зняволеных і сваяках цяперашніх пачаўся 23 студзеня. Людзей дапытвалі і затрымлівалі.
Сілавікоў цікавілі тыя, хто атрымаў прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Звесткі пра атрымальнікаў такой дапамогі яны ўзялі з сэрвісу «Е-дастаўка», які належыць «Еўраопту». Аднак затрымлівалі не толькі тых, каму дапамагла INeedHelpBY.