Расійскія сілавікі забілі ў Карэліі (Расія) актывіста з Беларусі, піша тэлеграм-канал ASTRA.
49-гадовага Мікалая Аляксеева забілі 6 сакавіка ў Аланецкім раёне Рэспублікі Карэлія. Аляксееў — актывіст з Беларусі, удзельнік пратэстаў 2020 года. Паводле папярэдніх звестак, забілі мужчыну супрацоўнікі ФСБ, паведамляюць крыніцы ASTRA.
Як высветліла выданне, паводле афіцыйнай версіі расійскага следства, Аляксееў нібыта аказаў супраціў падчас затрымання і быў забіты. Затрымаць мужчыну хацелі ў рамках крымінальнай справы пра «падрыхтоўку да тэракту» (ч. 1 арт. 30 ч. 1 арт. 205 КК РФ), якую на Аляксеева завялі ў Карэліі ў той жа дзень. Падстава — паводле версіі расійскага следства, Мікалай нібыта збіраўся падарваць адміністрацыю ў горадзе Аланец.
На момант публікацыі ASTRA не ўдалося звязацца са сваякамі актывіста. Як, калі і пры якіх абставінах мужчына трапіў у Расію, невядома.
Мікалай Аляксееў актыўна выступаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, публікаваў фатаграфіі з пратэстаў у 2020 годзе, размяшчаў у сацыяльных сетках пасты пра парушэнні правоў чалавека ў краіне.
Вось, напрыклад, публікацыя актывіста ад 25 чэрвеня 2021 года:
«Тое, што адбываецца цяпер у маёй краіне, называецца адным словам — генацыд. Гэта генацыд нашага народа. Нахабная беспардонная хунта на чале з самазванцам <…> сілай захапіла ўладу. Вось ужо амаль год народ Беларусі вядзе супраць іх барацьбу. Шмат у каго апускаюцца рукі, хтосьці яшчэ не да канца ўсвядоміў, што рэпрэсіі закрануць усіх без выключэння. Адседзецца ў баку не атрымаецца. У гэтай улады гвалт узведзены ў ранг асноўнага прынцыпу. І няма ні тармазоў, ні задняга ходу. І я, і мая сям’я ўжо адчулі гэта на сабе. Гэта балюча, гэта страшна, калі раптоўна страчваеш усё. Але менавіта цяпер нельга даваць волю страху. Трэба сабраць сябе ў кулак і працягваць змагацца».