З 1 лістапада падымуць пенсіі, але прыбаўку атрымаюць не ўсе. Расказваем, каго закране павышэнне гэтых выплат, а каго — не.
Якія пенсіі падымуць у лістападзе?
З 1 лістапада вырастуць мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Гэта звязана з павышэннем памеру бюджэту пражытковага мінімуму.
Да прыкладу, мінімальная пенсія па ўзросце пасля прыбаўкі складзе 109,45 рубля (сума без уліку даплаты ў 20% ад сярэдняй зарплаты). Гэта на 1,2 рубля больш, чым цяпер.
Сацыяльная пенсія павялічыцца ў лістападзе да 218,9 рубля. Рост — на 2,4 рубля. Гэтыя выплаты атрымліваюць у тым ліку тыя, хто трапіў у пенсійную пастку.
Нагадаем, у Беларусі мінімальны страхавы стаж, які патрэбны для атрымання працоўнай пенсіі, да 2025 года вырасце да 20 гадоў. Гэты паказчык штогод павышаюць на шэсць месяцаў. Раней ён складаў пяць гадоў, але з 2013 года яго пачалі рэзка павышаць. Беларусы, якія паводле новых правілаў не выпрацавалі гэты стаж, трапляюць у пенсійную пастку: яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную.
Якая сітуацыя з працоўнымі пенсіямі?
Працоўныя пенсіі — па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля — павышалі апошні раз у кастрычніку (у сярэднім на 5%). А да гэтага — у лютым (у сярэднім на 10%). У лістападзе іх падымаць, падобна, не будуць. Прынамсі, афіцыйна пра гэта не паведамлялася.
Раней улады заяўлялі, што ў 2024 годзе ў сярэднім пенсіі па ўзросце будуць расці тымі самымі тэмпамі, што і ў 2023-м — на 15%.
Паводле звестак Мінпрацы, сярэдні памер пенсіі па ўзросце пенсіянера, які не працуе, у кастрычніку склаў 850,88 рубля. За месяц да гэтага — 813,25 рубля.
Чытайце таксама