Гэта здарылася, калі людзі часцей чыталі навіны ў газеце, чым у інтэрнэце. У 1997-м у выданні «Вячэрні Мінск» выходзіла рубрыка «Начны Фей». Адну ноч на месяц журналіст сядзеў на тэлефоне і абмяркоўваў з людзьмі, якія званілі яму, любыя пытанні. Яўгеніі тады было гадоў 16−17. Датэлефанавацца ў рэдакцыю яна не змагла і вырашыла напісаць Фею ліст. І ён адказаў. Тое пасланне стала для яе «промнем святла ў цёмным царстве» і «дало веру ў сябе». Цяпер у жыцці Яўгеніі, якая да вайны 12 гадоў жыла ў Кіеве, зноў наступілі няпростыя часы. Яна хацела б знайсці таго чараўніка, бо цяпер цуды патрэбныя ёй і свету як ніколі.

Цяпер Яўгеніі 42 гады. Яна нарадзілася і вырасла ў Мінску. У 2010-м яе мужу прапанавалі добрую працу ва Украіне, і яны пераехалі ў Кіеў. Сям’я часта бывала ў Беларусі, тут у іх родныя і сябры. Пасля таго як пачалася вайна, жанчына з дачкой часова пасялілася ў знаёмых на поўдні Іспаніі. Яўгенія змагла ўладкавацца настаўніцай у адну з мясцовых школ. Яна выкладае дзецям англійскую. А пакуль паўза паміж урокамі, расказвае сваю гісторыю.
— Мама доўгія гады выпісвала «Вячэрні Мінск». У 1997 годзе я ўбачыла нататку пра тое, што ў выданні з’явілася рубрыка «Начны Фей». Паводле яе ўмоваў адзін раз на месяц у ноч з 12 на 13 чысло ў рэдакцыі дзяжурыў журналіст, з якім можна было пабалбатаць па тэлефоне на розныя тэмы, — расказвае Яўгенія. — Я на той момант была падлеткам. У гэтым узросце заўсёды ёсць падставы для размовы, таму я ўхапілася за магчымасць пагутарыць.
Асноўных тэмаў для абмеркавання было дзве. Адна з іх — першае каханне, што здарылася ў жыцці дзяўчыны, другая — рок, які Жэня слухала. Кажа, ёй тады здавалася, што Фей абавязкова мусіць быць чалавекам музычным.
— На самай справе не ведаю, пра што канкрэтна я б з ім размаўляла, але мне вельмі хацелася дазваніцца ў рэдакцыю. Пачуць, як гучыць голас гэтага чалавека, — і цяпер з хваляваннем успамінае Яўгенія. — Тэлефон у нас быў толькі стацыянарны. Чырвоны, дыскавы, ён стаяў на кухні. Я загадзя папярэдзіла маму пра начны званок, паказала ёй нататку і сказала, што хачу набраць. Яна пажадала ўдачы, але папярэдзіла: ахвочых будзе столькі, што наўрад ці атрымаецца.
У колькі менавіта Фей пачынаў прымаць званкі, Яўгенія ўжо і не памятае: ці то з 23.00 і да раніцы, ці то з паўночы. Набірала яна гадзін да 6 раніцы. І так пару месяцаў запар. На тым канцы, як і меркавала мама, увесь час было занята.
— Гэта цяпер у кожнага ёсць сацсеткі, куча мэсэнджараў і бясконцы паток інфармацыі, ад якой часам хочацца схавацца, а тады такога не было. Стацыянарны тэлефон у нас усталявалі за некалькі гадоў да з’яўлення рубрыкі «Начны Фей», а да гэтага мы карысталіся вулічнымі аўтаматамі, — вяртаецца да мінулага суразмоўніца. — Думаю, людзі зачапіліся за незвычайную ідэю, таму што ўсім было цікава, як гэта — пагутарыць з незнаёмым чалавекам. Вось і спрабавалі датэлефанавацца.
Пытанні людзей цікавілі розныя: па выніках такіх гутарак у газеце нават выходзіў матэрыял, дзе з дазволу сурзмоўцаў журналіст апісваў начныя размовы.
«Для мяне гэты адказ быў прыкметай таго, што я ёсць, што я вартая нейкай увагі»
Яўгеніі абанент так і не адказаў, але дзяўчына не здалася. Прыдумала напісаць яму і адправіць канверт на адрас рэдакцыі. А каб павысіць шанцы на прачытанне, яна прыдумала сабе псеўданім Маленькая Феечка. Так і падпісала сваё пасланне.
— Я разумела, на тым канцы дарослы чалавек, а я падлетак, — каротка тлумачыць яна ідэю псеўданіма. — Калі шчыра, ужо не памятаю, што я яму напісала, але праз нейкі час мне прыйшоў адказ.
Шчасцю не было мяжы.
Вось вытрымка з таго ліста: «Мне вельмі шкада, што твае спробы датэлефанавацца да мяне ў 13-ю ноч месяца не ўвянчаліся поспехам, і замест голасу Начнога Фея табе давялося мець справу з кароткімі цынічнымі гудкамі <…>»
Мілая Маленькая Феечка? Я зусім не супраць гэтакага загадкавага імені. Хутчэй, наадварот, цяпер у мяне з’явілася чароўная Фея. О не, Чароўная Маленькая Феечка. Б’юся аб заклад — ні ў кога яшчэ не было маленькай Феечкі, а ў мяне ёсць. Па-мойму, гэта калі і не поўны нішцяк, то, прынамсі, як кажуць мае зорачкі, ну блін, ваш-шэ!
Мілая Маленькая Феечка, калі твае музычныя густы (The Doors) я з задавальненнем падзяляю, чаму, уласна, я рады, то тваю звычку спаць, а дакладней, ляжаць на дыванку, хай і любімым, на жаль, пакуль не разумею. Не-не, тэарэтычна ўсе мы хоць раз у сваім зямным жыцці спалі ці хаця б ляжалі на дыванках, але, мяркуючы па тваёй інтанацыі ў лісце, ты робіш гэта даволі часта. Рэкамендую ложак, а яшчэ лепш — крэсла-качалку, клятчасты плед і свежую духмяную каву. <…>
Табе ўдалося падняць мне настрой, а мне, спадзяюся, крышачку развеяць сум і адзіноту, якія чамусьці сабраліся ў цябе ў душы".

— Ліст мне падаўся вельмі цёплым і душэўным, — усміхаецца Яўгенія. — Адчувалася, што ён сапраўды прачытаў мае словы. Яго пасланне не было адпіскай.
Пазней журналіст даслаў Жэні яшчэ два канверты — гэта былі віншаванні з Калядамі і днём нараджэння.
— Незвычайная рубрыка ў газеце хутка закрылася, і нашая перапіска таксама перарвалася, — расказвае Яўгенія.
Пасланні ад Фея яна захоўвае дагэтуль.
— Першапачаткова ва ўсім гэтым была нейкая аўра магіі — ноч, Фей і тое, што мне, звычайнаму падлетку, адказаў журналіст. Да таго ж у той момант наша сям’я перажывала цяжкія часы. Мы жылі вельмі бедна. Абстаноўка была няпростая і невясёлая. І тут гэты ліст, нібы з іншага свету. Свету, дзе ўсё добра. Дзе табе не трэба ні ад кога хавацца, чагосьці баяцца, дзе цябе цэняць за твае словы і думкі, а не за знешнасць і шмоткі. Для мяне гэты адказ быў прыкметай таго, што я ёсць, што я вартая нейкай увагі. Для мяне гэта аказалася суперважна і дало веру ў сябе.
А што было далей?
Яўгенія скончыла лінгвістычны ўніверсітэт, а затым магістратуру. Па адукацыі яна выкладчык замежных моваў, лінгвіст. Ведае іспанскую, англійскую і французскую. Працавала ў розных кампаніях у турыстычнай сферы, а затым у адным з пасольстваў.
— Выйшла замуж, нарадзіла дачку, — з радасцю пералічвае яна прыемныя моманты ў жыцці. — Калі мужу прапанавалі цікавую працу ў Кіеве, мы пераехалі ва Украіну.
Тут Яўгенія з сяброўкай пачалі свой бізнэс. У іх была крама.
— Калі пачалася вайна, многія сябры, якія жывуць за мяжой, напісалі: «Прыязджайце да нас». Сярод іх была і сяброўка з Іспаніі. Мы пазнаёміліся 20 гадоў таму, калі я працавала ў Мінску ў дабрачынным фондзе, які курыраваў паездкі дзяцей з Чарнобыльскай зоны на аздараўленне ў Іспанію. А яе сям’я якраз прымала дзяўчынак з Беларусі. Усе гэтыя 20 гадоў мы ні разу не бачыліся, але падтрымлівалі адносіны анлайн. Вось і цяпер яна прапанавала: прыязджайце, у нас ёсць дзе жыць. Так мы з дачкой апынуліся ў Іспаніі.
Тут ім добра, але ў мірным Кіеве было б яшчэ лепш.
На пытанне, чаму праз столькі гадоў Яўгенія вырашыла знайсці Начнога Фея, яна адказвае так:
— Для мяне не галоўнае яго знайсці. Проста раптам гэты чалавек прачытае маю гісторыю і даведаецца, што калісьці зрабіў для мяне нешта вельмі важнае. Бо тады пасля яго ліста я зразумела: добрыя рэчы здараюцца з усімі.
Хоць і цяпер ад цуду яна б не адмовілася. Ну і што, што вырасла.
— Цяпер сітуацыя адрозніваецца ад той, якая склалася ў маім жыцці ў канцы 1990-х, але зло ў ім па-ранейшаму прысутнічае. У такім маштабным выглядзе. Ніколі не думала, што стану ўцякачкай, але цяпер я афіцыйна называюся «часова перамешчанай асобай». Вядома, калі параўноўваць з многімі іншымі людзьмі з Украіны, мне няма на што скардзіцца. Мае родныя, на шчасце, жывыя, мы здаровыя. Нам ёсць на што жыць, але цуд лішнім не будзе. Вельмі хочацца, каб адно маё жаданне (хоць, думаю, яго цяпер загадваюць многія) спраўдзілася. Каб гэтая праклятая вайна хутчэй скончылася.
Калі вы той самы Начны Фей, які стаў для Яўгеніі промнем святла, напішыце ёй на пошту: [email protected].