Наведнікаў адной з кавярняў у Брэсце пачалі масава шпіталізаваць з атручаннем — выявілі ўжо 19 выпадкаў гастраэнтэрыту. Усе госці заказвалі адзін і той жа сэт з чатырох страваў. Некаторыя пацярпелыя расказалі ў сацсетках, што адбылося.
Станам на 6 траўня сярод наведнікаў брэсцкай кавярні зарэгістравалі 19 выпадкаў гастраэнтэрыту (вострага або хранічнага запалення слізістай абалонкі страўніка, тонкай і тоўстай кішкі), як мяркуецца, інфекцыйнага паходжання. 12 чалавек трапілі ў бальніцу, сямёра лечацца ў амбулаторных умовах.
У супрацоўнікаў кавярні ўзялі клінічны матэрыял, былі адабраныя пробы харчовай прадукцыі, уключаючы стравы, якія ўваходзяць у склад сэта.
Праца ўстановы прыпыненая. У неафіцыйным тэлеграм-канале Брэсцкага аблвыканкама, які першапачаткова паведаміў пра масавае атручанне, назва кавярні не прыводзілася — яна стала вядомая з паведамленняў карыстальнікаў сеціва.
Як высветлілася, усё адбылося ў кавярні Le’Mar, якая з 18 красавіка да 5 траўня брала ўдзел у кулінарным фестывалі Gastrofest-2024. Установа, што адкрылася вясной мінулага года і дзе спецыялізуюцца на «аўтарскай кухні з еўрапейска-азіяцкім ухілам», прапанавала на фестываль сэт з чатырох страваў агульным коштам 38 рублёў:
- тартар з філе дарада з фірмовай запраўкай, крэмам-чы, вэнджанай чорнай брыёшшу і ікрой масага;
- брыскет з ялавічыны ў глазуры, з пастай орза, марынаванай прыпраўленай спаржай і клубнічным кулі;
- індык у вугальным рамэне з падліўкай дэміглас і эспумай з чорнага труфеля;
- мус з белага шакаладу і белых грыбоў з гелем з пеністага віна, хрусткім крамблам, малінай і шматкамі міндаля.

У апошнія дні фестывалю ў Instagram пачалі з’яўляцца паведамленні брастаўчан са скаргамі на атручанне пасля замоўленага ў Le’Mar сэта. Прычым некаторыя сцвярджалі, што ім стала кепска пасля наведвання кавярні яшчэ 1−2 траўня, яны паведамілі пра гэта ўладальнікам, і тыя запэўнілі, што прынялі меры.
Многія карыстальнікі лічаць, што атруціліся дэсертам, у якім былі грыбы:
- «Замовілі 2 сэты на 4 чалавекі. Вынік: 2 чалавекі з атручаннем і тэмпературай пад 39,2 з недамаганнем. Я ўпэўненая, што гэта праз дэсерт. Белы шакалад з грыбамі. Былі ў доктара, сказаў, што прыкметы цяжкага атручання».
- «Нашая кампанія з пяці чалавек была 1 траўня на сэце. 2 траўня ўвечары я паведаміла дырэктарцы Le’Mar, што пяць чалавек — з жудасным атручаннем і з ліхаманкай 40 градусаў. Яна выбачылася і запэўніла, што ўсе праблемы вырашаныя».
- «З нас чацвярых дэсерт ела я і яшчэ адзін чалавек. Два іншыя пакаштавалі проста. Тэмпература і ўсё астатняе ў мяне і ў другога, хто еў дэсерт. Тыя, хто проста пакаштаваў, адкараскаліся млоснасцю і недамаганнем».
- «Трэція суткі з тэмпературай 39, наймацнейшым болем у жываце, дыярэяй… Дзіця ніякае, пакаштавала пару лыжак дэсерту… Крыўдна, што на Вялікдзень і ўласны дзень нараджэння ляжыш як гародніна за свае ж грошы!»
Адзін з гасцей Le’Mar, які пакаўтаваў там сэт 3 траўня, расказаў, што ляжыць у бальніцы пасля аперацыі з падазрэннем на апендыцыт, кепска сябе адчувае і яго дзяўчына. Ён паскардзіўся, што супрацоўнікі кавярні на патрабаванне разабрацца адказалі шаблонным выбачэннем і не прапанавалі дапамогі, а ўладальніца ўстановы «выкладвае гісторыі, як выдатна бавіць час у вёсцы», і заблакавала профіль у сацсетках.
Яшчэ адна брастаўчанка сцвярджае, што агулам атруцілася каля сотні чалавек і гарадская інфекцыйная бальніца «перапоўненая»: «Па 20 выклікаў хуткай было за першую і другую ноч атручання. Цяпер санэпідэм разбіраецца». Паводле яе, разглядаюцца версіі з атручаннем грыбамі, паразітамі на рыбе, сальманэлёзам і кішачнай палачкай.
«Ужо гатовыя вынікі аналізаў у людзей у інфекцыйным, выяўленая сальманэла», — напісала іншая дзяўчына.
Сітуацыю пракаментавалі ў сацсетках арганізатары Gastrofest, а таксама супрацоўнікі Le’Mar. І тыя, і тыя запэўнілі, што разбіраюцца ў сітуацыі. Ва ўстанове паабяцалі паведаміць пра вынікі даследавання прадуктаў, праз якія магло адбыцца атручанне.
